ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ФРОНТ,

аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у Вял. Айч. вайну на зах. напрамку. Ц.ф. 1-га фарміравання створаны 24.7.1941 у выніку падзелу Зах. фронту. Яго ўпраўленне створана на базе ўпраўлення 4-й арміі. У склад фронту ўвайшлі 13-я, 21-я, 3-я арміі і група ВПС. 21-я армія працягвала пачатую 13.7.1941 Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941, наносіла контрудары ў напрамку Бабруйска. З 24.7.1941 войскі фронту ўдзельнічалі ў Смаленскай бітве 1941. 8.8.1941 ням. войскі прарвалі Ц.ф. і выйшлі ў тыл. Паўд.-Зах. фронту. 25.8.1941 Ц.ф. скасаваны, яго палявое ўпраўленне перададзена Бранскаму фронту. Ц.ф. 2-га фарміравання створаны 15.2.1943 на базе скасаванага Данскога фронту. У яго склад увайшлі 21-я, 65-я, 70-я агульнавайск., 2-я танк. і 16-я паветр. арміі, якія разгарнуліся на ПнЗ ад г. Курск. Пазней у склад фронту ў розныя тэрміны ўваходзілі 3-я, 13-я, 45-я, 50-я, 60-я, 61-я, 63-я агульнавайск. і 3-я гвардз. танк. арміі. У лют.—сак. 1943 войскі фронту ўдзельнічалі ў зімовым наступленні, летам — у Курскай бітве 1943, Арлоўскай наступальнай аперацыі, сумесна з войскамі Бранскага і Зах. франтоў арміі Ц.ф. разграмілі арлоўскую групоўку праціўніка і ліквідавалі Арлоўскі выступ праціўніка. 26.8—30.9.1943 войскі фронту правялі Чарнігаўска-Прыпяцкую аперацыю 1943, у выніку якой выйшлі да Дняпра, Прыпяці, Сажа і стварылі спрыяльныя ўмовы для вызвалення Беларусі і Правабярэжнай Украіны. 20.10.1943 Ц.ф. перайменаваны ў Беларускі фронт. Камандуючыя Ц.ф.: ген.-палк. Ф.Л.Кузняцоў (ліп.—жн. 1941), ген.-лейт. М.Р.Яфрэмаў (жн. 1941); ген.-палк., з 28.4.1943 ген. арміі К.К.Ракасоўскі (люты—кастр. 1943).

т. 17, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)